КАЛІ́НКАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,

традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюцца пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім, Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Даўж. 310—400 см, шыр. 26—30 см.

Ткуць у 2—4 ніты. Кампазіцыі 2 відаў: папярочныя вузкія палосы аднолькавай шырыні запаўняюць усё поле ручніка або шырокія папярочныя шчыльна запоўненыя ўзорыстыя палосы па канцах ручніка паступова пераходзяць у вузейшыя да сярэдзіны і раствараюцца ў яго асн. фоне. Пераважае старадаўні геам. арнамент у выглядзе ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, крыжыкаў і інш. Характэрна выразнае рытмічнае чаргаванне ўзорыстых каляровых і белых палос. Каляровая гама стрыманая чырвона-белая, радзей чырвона-бела-чорная. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак. Акрамя ўзорыстага ткацтва аздабляюць вязанымі кручком карункамі, вышыўкай, паскамі, махрамі. У дэкоры шмат агульнага з калінкавіцкім строем.

М.Ф.Раманюк.

Да арт. Калінкавіцкія ручнікі. Ручнік з в. Убалаць Калінкавіцкага р-на. 1930-я г.

т. 7, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)